РУС БЕЛ ENG

Музейны этнаграфічны куток "Беларуская хатка"

Не пагарджаць святым сваім мінулым,

А заслужыць яшчэ, і вартым быць яго

                                           У.Караткевіч

У жыцці так заведзена: кожнаму пакаленню застаецца ў спадчыну тое, што было створана яго продкамі, умелымі, здольнымі, таленавітымі.

Беларускі пісьменнік Янка Сіпакоў пісаў: "Спадчына! Якое простае слова і які няпросты яго сэнс! Спадчына – гэта наша мінулае, наша памяць. Цяжка ўявіць сябе чалавекам без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй. Спадчына – гэта народныя звычаі і культура, якія складваліся вякамі ў беларускім народзе і якія засталіся нам".

Свая, непаўторная і адметная спадчына ёсць і ў нашага народа, якому наканавана лёсам жыць і працаваць на Ганцаўшчыне – унікальным куточку берасцейскай зямлі.

З мэтай папулярызацыі народнай культуры і быту, якія засталіся нам ад нашых продкаў, у 1995 годзе ва ўстанове адукацыі “Ганцавіцкі дзяржаўны аграрны каледж” гасцінна адчыніў дзверы для наведвальнікаў этнаграфічны пакой  “Беларуская хатка”.  Экспанаты збіраліся педагогамі і работнікамі нашай установы адукацыі, навучэнцамі, іх бацькамі не адзін год.

Хутка наша "хатка" стала тым куточкам, дзе можна даведацца аб тым, чым жыла наша старонка, якімі справамі займаліся нашы землякі, як працавалі і адпачывалі, што спажывалі, у што верылі, як апраналіся. "Беларуская хатка" неўзабаве ператварылася ў своеасаблівы астравок сустрэч і зносін зацікаўленых і дапытлівых,  дзе кожны  навучэнец  адчувае сябе ўтульна і ўпэўнены, што ён патрэбен у нашай вялікай  сям’і. Бо, кажучы словамі Уладзіміра Ліпскага, "хата спрадвеку для беларуса была калыскай, школай, царквой, тэатрам, лякарняй, сталоўкай, клубам, майстэрняй".

Адным з асноўных напрамкаў работы музейнага пакоя з’яўляецца экскурсійная і адукацыйная дзейнасць. Для наведвальнікаў праводзяцца аглядныя і  тэматычныя экскурсіі, экскурсіі аднаго экспаната, музейныя урокі, краязнаўчыя квэсты.

Музейны этнаграфічны пакой "Беларуская хатка" з'яўляецца своеасаблівай візітоўкай нашай установы, дадатковым адукацыйна-выхаваўчым  рэсурсам, пляцоўкай, дзе можна атрымаць веды, першай прыступкай да выхавання асобы.

Сёння мы ўпэўнены, што мала гаварыць, як мы любім сваю спадчыну. Патрэбна не толькі душою і сэрцам, але і сваімі рукамі дакрануцца да яе. І той, хто аднойчы пераступіць парог Ганцавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа і наведае музейны этнаграфічны  пакой "Беларуская хатка", пазнаёміцца з нашай працай, захоча прыйсці да нас яшчэ.

Асноўныя экспазіцыі

Экскурсіі, музейныя ўрокі

Нашы ўзнагароды